Сообщество - Куток беларускай мовы

Куток беларускай мовы

170 постов 231 подписчик

Популярные теги в сообществе:

2

Беларускія прыказкі. Літара Б

  1. Баба качаргу міняла й тры дні гуляла. — Прыказваюць ахвотнікі да дармавой выпіўкі, каб намовіць свайго сябру ставіць барыша, калі той нешта прадае ці купляе.

  2. Бабка на двая варажыла. — Калі цяжка ўгадаць ці тут будзе выгранка ці пройгранка.

  3. Багатаму й чорт дзяцей калыша. — Багатаму ўва ўсім шанцуе.

  4. Багатаму й чорт у кашу сера. — Калі багатаму шанцуе.

  5. Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца. — Аб тым, што бедны, хоць мала мае, але нейк жыве, не памірае.

  6. Багаты ня ведая, чым бедны абедая. — Аб тым, што багаты ня знае таго, што бедны часта ня мае чаго й зьесьці.

  7. Бадлівай каровя рог уцінаюць. — Шкоднага чалавека абязшкоджваюць.

  8. Баіцца, як чорт крыжа. — Прыказваецца, калі нехта ня хоча спатыкацца з сваім праціўнікам і далёка яго абходзе.

  9. Бакі парваць. — Насьмяяцца ў вахвоту.

  10. Балазе таму жыць, чыя баба ўмее варажыць. — Добра таму разважаць аб жыцьці другіх людзей, чыя жонка добрая гаспадыня.

  11. Баліць у грудзях, ня быць у людзях. — Хацелася-б пабываць далей у сьвеце, але хвароба перашкаджае.

  12. Балота бяз чорта ні бывая. — Паганае месца бяз злыдняў ня бывае.

  13. Балявалі пакуль голы сталі. — Аб тым, што частыя гулі ды балі даводзяць да беднасьці.

  14. Барада як у смурада. — Высьмейваньне неахайнай барады.

  15. Бахі забівая. — Аб чалавеку, які адпіраецца ад сваіх словаў ці чынаў: «Ён бахі забівае, што там ня быў і нічога ня ведае».

  16. Бацька зваліўся з гары. - Чорт яго бяры: рукі ня ў срацы, было дзяржацца. — Калі дзеці зь непашанай ставяцца да бацькі.

  17. Бацька зьбіраў войкаючы, а сын пуская гойкаючы. — Прыказваюць, калі бацька нажываў гаспадарку пры вялікіх турботах і пакутах, а сын яе прапівае.

  18. Бацька пайшоў сабакам сена касіць.
    1. Гэтак кажуць дзеці, якія ня знаюць свайго бацькі.
    2. Гэтак кажуць і тыя дзеці, якіх бацька сядзіць у вязьніцы за крымінальныя злачынствы.
    3. Гэтак кажуць і тыя, якіх бацька выракся й круціцца нейдзе па сьвеце.

  19. Бацька ражном тварыць, ражном і мілуе. — Калі бацька ня рупіцца аб дзецях: не спраўляе дочкам убораў.

  20. Бацька шапкі ні купіў - ніхай вушы мерзнуць.
    1. Прыказваюць да тых, якія, ня маючы моднай адзежы, будуць мерзнуць, але не апрануць адзежы простай.
    2. Прыказваюць таксама тым ганарыстым людзям, што, калі ім не ўдалося заняць высокай паважнай працы, дык гатовы галадаць, але ня будуць працаваць на простай рабоце.

  21. Бацькі запазухі дзяруць дзецям хлеб хаваючы, а дзеці запазухі дзяруць ад бацькоў хлеб хаваючы. — Аб любасьці бацькоў да сваіх дзяцей і клопатах аб іх, і аб няўдзячнасьці благіх дзяцей да сваіх бацькоў.

  22. Бача вока, дзе пячэцца кока. — Прыказваюць, калі нехта цісьнецца да тога месца, дзе можна пажывіцца.

  23. Бача вока ды ісьці далёка. — Хоць відаць і панадная рэч, але шкада клопатаў на тое, каб яе дасягнуць.

  24. Бача вока, ды ляжыць высока. — Хоць рэч і панадная, але немагчыма яе дабыць.

  25. Бачыў Бог працу, алі пашкадаваў мазаля. — Прыказваюць гультаю, які хваліцца, што шмат работы зрабіў.

  26. Бачыў кум сонца? — Гавораць, калі паказваюць прастаку няхітры сакрэт пры працы, якога ён перш не разумеў.

  27. Беднай сіраце даварыцца ў жываце. — Аб тым, што гаротнай сіраце даводзіцца есьці страву абы як прырыхтаваную й недавараную.

  28. Бедны ў балоця. — Гэтак даўней прыказваў той, каго называлі бедным, бо ніхто, апрача старцаў-убогіх, ня любіў, каб звалі яго бедным. Бедным называлі чорта, які прымушаны вечна сядзець у балоце.

  29. Белы, як сьнег на кузьні. — Жартаўлівае прыраўнаньне. На кузьні сьнег заўсёды чорны.

  30. Белыя рукі чужую працу любюць. — Гэтак прыказвалі сяляне багатым ліхвяром.

  31. Б'ецца, як рыба аб лёд. — Пра чалавека, што цяжка працуе й выбіўся з сіл.

  32. Біда, калі ня п'ецца й вада. — Гэта гаворыцца аб безнадзейным хворым, які ўжо й вады не патрабуе.

  33. Біда па бядзе, як па нітачцы ідзе. — Прыказваецца тады, калі адна бяда выклікае другую.

  34. Біда хоць і муча, алі жыць вуча. — Людзі вучацца жыць на сваей або на чужой бядзе.

  35. Біз ахвоты німа й работы. — Прымусовая праца не дае пажаданых вынікаў.

  36. Біз вусоў, біз барады, як чорт малады. — Высьмейваньне блазна, якому ня можна давяраць.

  37. Біз кажуха бярэ сукруха. — Жартуюць з таго, хто адзеўся хвасьліва, але трасецца ад холаду.

  38. Біз навукі й лапця ні спляцеш. — Каб умець выконваць і самую простую работу, перш трэба яе навучыцца.

  39. Біз паджогі й дровы не гараць. — Без падахвочваньня ці прынукі работа няспорна.


  40. Бі й таўкачом, абы было па чом.

    1. Можна чалавека цяжка караць, але перш трэба разабрацца, ці ён вінен. Тут «па чом» - ці ёсьць за што.
    2. Хоць чалавек і вінен, але калі слабы на здароў'і, дык ня можна цяжка караць.

  41. Біціся, як гаршкі, дзярыціся, як каты. — Жартуе той, хто ня хоча ўмешвацца ў чужую звадку ці бойку.

  42. Біцца ні гадзіцца, і лаіцца ні дазваляіцца. — Гэтак навучаюць дзяцей і падлеткаў, каб жылі ў згодзе.

  43. Благая зімля і проч ня гоня, і хлеба ні дае. — Хлеба не дае, бо ня родзіць, проч ня гоне, бо чалавек прывык да яе й ня мае адвагі пакінуць.

  44. Благая зімля й ня родзя, і насеньня ня зводзя. — Гэта значыць, што колькі гаспадар высеяў на благой зямлі, столькі й намалоце. Калі-ж гаспадар мае насеньне, дык не адважваецца кінуць зямлі, бо мае работу й мае надзею на паляпшэньне.

  45. Благая тая дамова, дзе вала бадзе карова. — Прыказваюць, калі жонка вядзе парадкі ў хаце ці гаспадарцы, а мужык сьлепа выконвае яе загады.

  46. Благая тая птушка, што сваё гняздо паскудзя. — Аб чалавеку, які высьмейвае й абнеслаўляе сваю сям'ю, радню, народ.

  47. Благі грыб, хрушч, а біз яго пушч. — Аб старым чалавеку, які хоць і няздольны да працы, дык хоць хаты дагледзе.

  48. Благі сусед горш за скулу. — Скула баліць і дакучае, але скора зьгіне, а благі сусед будзе дакучаць да веку.

  49. Благому віду ды ўрэж і носу. — Тут прыводзіцца параўнаньне добрай рэчы ці чалавека з благой рэччу ці чалавекам. Калі прыгожы твар прыпсаваны трохі, дык гэта ня будзе заўважана, а калі да благой рэчы ці благому чалавеку дадаць новую загану, дык гэтая рэч ці чалавек стануць шмат горшымі, як брыдкі твар з урэзаным носам.

  50. Благоя палажэньня й добраму спакушэньня. — Добрая рэч не павінна ляжаць напаяўцы, бо на яе можа паквапіцца й добры чалавек. Калі добрая рэч будзе без дагляду, дык яна зьвядзе й добрага чалавека.

  51. Бога хвалі, алі й чорта ні гняві. — Калі рабіць дабро добраму, дык ад яго можна спадзявацца яшчэ больш дабра. Але калі без патрэбы наклікаць на сябе гнеў благога чалавека, дык ён можа шмат пашкодзіць.

  52. Бог віздя, хто каго крыўдзя. — Прыказваюць пакрыўджаныя.

  53. Бог даў, Бог і ўзяў. — Гэтак разважаюць бацькі, калі дзіця памерла. Гэтак суцяшаюць і гаспадара, калі жывёла здохла.

  54. Бог душу сапсаваў: як у пень усадзіў. — Прыказваюць на дурнога ці недарэчнага.

  55. Бог звідзя чый баран, а чый певень. — Прыказвае пакрыўджаны, каб напомніць Богу, што ягоная шчырэйшая ахвяра. Прыказка паходзе ад казкі: Багаты прынёс у бажніцу Богу на ахвяру пеўня, а бедны прывёў барана. Калі трэба было здаваць ахвяры, дык багаты адабраў у беднага барана ды здаў на аўтар, а беднаму кінуў пеўня. Бедны, калі клаў на аўтар пэўня, выгукнуў: «Бог зьвідзя чый баран, а чый певень».

  56. Бог і лесу ні зраўняў. — Прыказваюць да таго, што людзі розныя: ёсьць прыгожыя й брыдкія, высокія й малыя, добрыя й благія, бедныя й багатыя.

  57. Бог маўчон, алі лучон. — Бог церпялівы, не адразу карае за праступкі й не адразу мілуе за заслугі, але судзіць справядліва.

  58. Бог ні гуляя ды людзей раўняя. — Адны бяднеюць, а другія багацеюць, і гэта ўсё робіцца з волі Бога.

  59. Бог ні ціля - пазная круціля. — Круцяля ўсюды лёгка пазнаць.

  60. Бог ня роўна дзеля. — Бог адным дае болей, а другім меней і дзеля гэтага ёсьць людзі разумныя й дурныя, шчасьлівыя й нешчасьлівыя, бедныя й багатыя.

  61. Бог ня слухая, што свіньня рухая. — Прыказваюць, калі чуюць, як благі чалавек, клянучы, просе ў Бога ліха або пагібелі на іншага.

  62. Бог сваю пуньку адчыніў. — Прыказваюць, калі посьля цяжкой зімы стала цёпла, і статак пайшоў на сьвежую траву.

  63. Божа памажы, а ты, гультай, ні ляжы. — Прыказваюць гультаю, каб не чакаў на Божую дапамогу, але каб сам браўся за работу.

  64. Болі заходу як работы. — Кажуць, калі болей часу страчана на падрыхтоўку да работы, як на самую работу.

  65. Болі слухай, а мені гавары. — Гэтак напамінаюць дзецям і падлеткам, каб не мяшаліся ў размову старэйшых.

  66. Брат збоку, а сусед на воку. — Трэба лепей дагаджаць суседу, як брату.

  67. Браць - сакольня вочы, а аддаваць - савіны. — Прыказваюць тады, калі нехта злуецца, як у яго спаганяюць доўг. Калі нехта нешта пазычае, ці бярэ падарунак, дык мае тады вясёлы погляд, а калі аддае, дык сумны й злосны.

  68. Брэша, як сабака на месіц. — Прыказваюць брахліваму, бессаромнаму чалавеку, які бяз сэнсу кідае словы.

  69. Будзе срака дразда пець. — Папераджаюць таго, каго будуць біць розгамі, бо, калі б'юць розгамі, дык чуецца гук: «джрр... джрр... джрр...».

  70. Будзім варажыць, дзе галаву палажыць. — Прыказвае той, хто думае ўгадваць, дзе ён памрэ.

  71. Будзім мучыцца, пакуль сьмерць лучыцца. — Прыказвае той, хто не спадзяецца паправы ў сваім гаротным жыцьці да самай сьмерці.

  72. Будзіш біз пары зямлю парыць. — Гэтак старэйшыя перасьцерагаюць маладзейшых, каб шанавалі сваё здароўе, або каб сьцерагліся небясьпекі.

  73. Будзіш дудкай хлеб піць. — Прыказваецца гэтак, каб перасьцерагчы некага ад благой сялібы, зямлі, ці благой і дрэнна аплачванай працы. «Дудкай хлеб піць» - гэта значыць хлеба ня будзе, а толькі зацірка ці поліўка.

  74. Будзіш ночы балькі лічыць. — Гэтак прыказваюць пры вячэры гасьцю, калі ён мала есьць, бо ночы ад голаду ня будзе спацца, дык ён будзе «балькі лічыць».

  75. Будзя кірмаш і на нашай вуліцы. — Прыказвае той, хто спадзяецца дачакаць лепшых, шчасьлівейшых часоў.

  76. Будзя мышам гнёздаў. — Выказваюцца аб тэй сям'і, дзе лён зарадзіў, а дзеўкі гультаяватыя.

  77. Будзя пара, вырасьця й трава. — На ўсё будзе свой час, трэба толькі церпяліва чакаць.

  78. Будзя чым чужы пах ад вакна адганяць. — Гэтак прыказвае бедны, калі зарэжа на мяса нейкую жывёліну.

  79. Буду жыць, як набяжыць. — Прыказваюць у роспачы, калі няма волі ці магчымасьці пакіраваць сваім жыцьцём.

  80. Будуць людзі. — Гаворыцца, калі дзіця ці падлетак падае добрыя надзеі.

  81. Бурчыць, як кіла. — Калі нехта ад незадавальненьня бурчыць сабе пад нос.

  82. Бывала і варона гаўно клявала, а цяпер ня хоча. — Кажуць хвальку, калі ён апавядае, што «бывала» яго ўсе любілі і шанавалі.

  83. Бывалы! Быў раз у царкве й два разы ў млыня - і там гу-гу-гу, і там гу-гу-гу, і разабраць ні магу. — Прыказваюць, каб высьмяяць мала бывалага й мала дазнанага чалавека.

  84. Было ды вадой сплыло. — Пра ўтрату дарагой рэчы ці часу, якіх ня вернеш.

  85. Было ліха дый пагоршыла. — Чым далей, дык жыцьцё й часы горшаюць.

  86. Быў гэрман ды сыграў цыган. — Прыказваецца аб чалавеку, калі ён даўней жыў у багацьці й славе, але посьля зжыўся.

  87. Быў на кані й пад канём. — Прьжазваецца аб тым, хто ў жыцьці й раскашаваўся й гараваў.

  88. Быў час, калі паважалі нас. — Гэтак прыказвае чалавек аб даўнейшых добрых часох у сваім жыцьці.

  89. Б'юць (злодзея) ні за тоя, што ўкраў, алі што нядобра схаваў. — Гэтак прыказваюць, калі паліцыйныя ўрадоўцы бяруць ад зладзеяў магарыч (подкуп) ды пасылаюць іх красьці. Калі злодзея зловяць з крадзеным, дык гэтыя-ж паліцыйныя ўрадоўцы судзяць яго.

  90. Б'юць і плакаць ні даюць. — Аб пакрыўджаным, якому забаронена й скардзіцца.

  91. Бяло, ні бяло аб ў вадзе было. — Гэтак прыказваецца на неахайнае мыцьцё бялізны.

  92. Бяры свае цацкі, я з табой ня гуляю. — Гэтак прыказваюць сабе былыя сябры, між якімі сяброўства ўжо скончана й яны разыходзяцца.

  93. Бярэ на хітрыкі. — Аб тым, хто пачынае хітраваць, каб некага ашукаць.

  94. Бярэш кароўку, дык бяры й вяроўку. — У каго гіне гаспадарка, той аддасьць і дробную рэч, якая посьле страты гаспадаркі яму й так непатрэбная.

Показать полностью
5

Казкі з Маляванычам. Валадар камянёў і руд

Як часта мы забываем, што галоўны скарб – гэта добрае сэрца, спагадлівасць. Здаецца нам, што золата і каштоўныя камяні ўсяго даражэй і каштоўней. Але шчасце можна адшукаць у самых простых рэчах!

«He ў вёсцы і не ў горадзе, а ў вялікім паселішчы ў даліне сярод гор жыла ўдава. Галечу працай адганяла, а адзіная дачка гора аблягчала. Расла-падрастала дачка і з кожным годам прыгажэла. I вырасла такой прыгажуняй, што вачэй не адвесці».

Славацкая гісторыя пра Валадара камянёў і руд нагадае нам, што па-сапраўднаму трэба шанаваць у сваім жыцці.

11

Казкі з Маляванычам. Піпі Доўгаяпанчоха ідзе ў школу

Новая гісторыя пра Піпі Доўгую Панчоху! Сёння Маляваныч распавядзе, як неверагодная дзяўчынка сабралася ў школу:

"І вось наступнай раніцай усе людзі ў маленькім гарадку кінуліся да вокнаў і з жахам назіралі як маленькая дзяўчынка скача на шалёным кані. А гэта проста Піпі крыху спяшалася ў школу. Дзікім галопам конь занёс яе на школьны двор".

0

Рыфмавана гісторыя вялікіх князёў літоўскіх

Усё прапала! Я хачу вярнуцца ў Парыж да сваіх мілак

Усё прапала! Я хачу вярнуцца ў Парыж да сваіх мілак

Показать полностью 25

Казкі з Маляванычам. Піпі Доўгаяпанчоха ідзе ў цырк

Піпі Доўгая Панчоха - дзяўчынка не звычайная! Яна заўсёды знойдзе для сябе розныя прыгоды.

На гэты раз Піпі разам са сваімі сябрамі вырашыла пайсці ў цырк, які завітаў у іх гарадок: "Аднойчы ў маленькі гарадок, дзе жылі Піпі, Тоні і Аніка прыехаў цырк! І дзеці пабеглі да мам і да тат прасіцца туды. І вось, крэпка сціскаючы ў кулачках гроша, Томі і Аніка прыбеглі да Піпі. Тая была на верандзе з канём. Яна заплятала яго хвост у маленькія коскі, якія аздабляла чырвонымі банцікамі".

Беларускія прыказкі. Літара - А

  1. Абадранцы пусьціліся ў танцы. — У простым сэньсе гэтак прыказваюць тым, што ў непрызваітым выглядзе выступаюць перад людзьмі. Гэтак-жа прыказваюць людзям, якія бяруцца за справу, да якое непадрыхтаваныя няздольныя.

  2. Аб воўку памоўка, а воўк тут. — Прыказваюць, калі ў гутарцы некага ўспамінаюць, а ён у гэты час зьяўляецца.

  3. Абедаў, абедаў, а жывот ня ведаў.
    1. Гэтымі словамі гаспадары перапрашаюць гасьця ці робяць яму вымову, што ён хоць доўга сядзеў за сталом пры ядзе, а страва ўся цэлая.
    2. Гэтымі словамі работнік наракае гаспадара, калі ён хоць і доўга сядзеў за сталом пры абедзе, але галодны, бо ежа была або няпрыгодная, або яе было мала.

  4. Абіваць парогі. — Часта да некага хадзіць і надакучаць гаспадару.

  5. Абіцаная шапка на вушы ня лезя. — Гэтак упікаюць таму, які шмат абяцаў за аказаную дапамогу, але нічога ня даў.

  6. Абіцанка-цацанка, а дурному радасьць.
    1. Гэтак высьмейваюць паслухмянага-наіўнага чалавека, што вера абяцанкам ліхвяра-ашуканца.
    2. Гэтак прыказвае ашуканы чалавек, калі ашуканец не аддае, што вінаваты, а цеша абяцанкамі.

  7. Аблізаў таўкач. — Гэтак высьмейваюць таго дзяцюка, які езьдзіў да дзеўкі ў сваты, ды дзеўка адмовілася выйсьці за яго замуж.

  8. Або едзь, або на бок зварачавай. — Кажуць да таго, хто работы ня робе й не адмаўляецца ад яе.

  9. Або іграй, або грошы аддай. — Гэткія патрабаваньні ставяць да таго, хто ўзяў наперад плату, ды ня хоча выконваць умоўленай работы.

  10. Або пан, або прапаў. — Гэтак прыказвае той, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну. Калі чын удасца, дык будзе ў павазе, славе й багацьці: будзе панам, а калі ня ўдасца, дык загіне, прападзе.

  11. Або сена клок, або вілкамі ў бок. — Тут у простым сэньсе гаворыцца аб быку. Гэтак прыказваюць таму, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну малой выгранкай.

  12. Абоя - рабоя. — Гэтымі словамі робяць параўнаньне, калі абое роўныя, адзін варты другога.

  13. А братачка мой, зьела сучка лой. — Жартаўлівая гульня словаў. Гэтак прыказваюць, каб перабіць пустую гутарку.

  14. Аб свайго гаварыць - галава баліць. — Гэтак наракае той, хто мае блізкіх з радні людзей, якія дрэнна сябе паводзяць і гэтым зьнеслаўляюць усю радню.

  15. Абсьліненая ваўком авечка ў лес бяжыць. — Былі такія назіраньні, што калі воўк злове авечку ды нясе ў лес і зь перапуду кіне яе ды ўцякае, дык яна не варочаецца да стада, але па сваей авечай дурноце бяжыць у лес за ваўком. Гэтак прыказваюць тады, калі нехта збаламучаны сваім ворагам-злачынцам, ідзе за ім на сваю пэўную загубу. Гэтак кажуць і аб тых, што ідуць навосьлеп за ворагамі-чужынцамі на сваю нацыянальную загубу.

  16. Абуў у лапці. — Прыказваюць, калі нехта моцна ашукаў.

  17. Абхадзіў туркі-баркі й воўча балотца. — Прыказвае той, хто шмат хадзіў, нечага шукаючы ці прапытваючы.

  18. Абы біда, а грашы будуць. — Гэтак прыказваюць, калі неўспадзеўкі на беднага чалавека звалілася бяда й патрэбныя грошы, бо ён або нешта патрэбнае прадасьць, або пазыча, але грошы дабудзе.

  19. Абы біда, а шыя будзя. — Прыказваюць, калі навальваецца бяда на грамаду, бо яна калі не аднаго, дык другога прыдуша. Прыклады: Калі воўк нападзе на вясковыя авечкі, дык нейкую авечку панясе. Або, калі з Райкому прыйдзе загад: «Даць з кажнага калгасу па сям'і для высылкі на Далёкі Ўсход» - дык тую ці іншую сям'ю зь вёскі хопяць.

  20. Абы была галава на карку. — Прыказваюць таму, калі нехта бядуе, што таго ці іншага нехапае, бо калі будзе галава на карку, дык з часам усё набудзе.

  21. Ад барады тры пядзі да вады. — Кажуць таму, хто без патрэбы зайшоў у чужую хату й кажа, што хацеў вады (яму напамінаюць пра ягоную натуральную ваду).

  22. Ад Бога грэх і ад людзей сьмех. — Гэтак наракае чалавек сам на сябе, калі зрабіў нейкі праступак праз сваю сваволю.

  23. Адвага або мёд п'е, або кайданы трэ. — Калі адважны чын удасца, дык чалавек будзе раскашавацца ў шчасьці, калі-ж ня ўдасца, дык загіне ў кайданох.

  24. Адвага й гарады бярэ. — Толькі адважны можа лічыць на ўдачу.

  25. Адвага ні зьнівага. — Адвага заўсёды добрая прыкмета чалавечага характару.

  26. Адважны ні баіцца ніўдачы. — Адважны заўсёды пэўны ў сваей перамозе.

  27. Адважны - пан важны. — Адважнага паважаюць ня толькі ягоныя прыяцелі, але й ворагі.

  28. Адважны п'е мёд, а раздум ваду. — Людзі адважныя, сьмелае рызыкі, звычайна жывуць у дастатку, а разважлівыя найчасьцей бедна, бо мала дзеюць.

  29. Ад вастрогу й ад торбы ні адмовішся. — І нявінны можа папасьці ў вастрог і кажны можа зьбяднець ды стацца ўбогім.

  30. Ад Грамніцаў зімы траціна, а да хлеба палавіна. — Сялянская заўвага. Ад Грамніцаў, 2-га лютага, застаецца зімы адзін месяц, але да новага хлеба трэба чакаць паўгода, бо толькі ў жніўні бывае новы хлеб.

  31. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. — Кажа той, хто пазычыў грошы ці што іншае, ды трэба шмат разоў хадзіць, каб спагнаць доўг.

  32. Аддай сучку, а сам брашы. — Кажа той, каго высьмейваюць, што паслугоўваецца несумленнымі (сабакаватымі) абаронцамі.

  33. Аддам на сьвятое «ніколі». — Кажуць пра безнадзейнага даўжніка.

  34. Аддасьць на тым сьвеце вугальчыкам. — Кажуць пра такога даўжніка, які за зробленае дабро адплачвае злом. Калі на тым сьвеце ягоны дабрадзей будзе гарэць у пекле, дык ён падкіне вугальчыкаў.

  35. Ад'еда сэрца. — Аб апрыкроніку, што шмат дакучае.

  36. Адзін багуцкі і той ня людзкі. — Кажуць пра дзіця, калі яно адно, але недарэчнае ці благое.

  37. Адзін вырай вясны ня робя. — Першая навіна можа быць і хвальшывай. Лепш пачакаць і паглядзець, ці яна спраўдзіцца.

  38. Адзін дасуж ды нядуж. — Хоць адзін і можа абдумаць добра справу, але часта ня ў сілах зрабіць вялікае работы.

  39. Адзін задзіраха, другі ніспусьцяха. — Калі абое роўныя пачынаюць звадку.

  40. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. — Прыказваецца, калі аднаму працаўніку трэба пракарміць шмат дармаедаў або вялікую непрацаздольную сям'ю.

  41. Адзін і хлеб прыедліў. — Адно й тое самае, хоць і найлепшае, можа надакучыць, як і сам хлеб бязь іншай яды.

  42. Адзін сказаў на глум, а другі бярэ на вум. — Ня трэба захапляцца чужымі, хай сабе й прыгожымі словамі, а трэба іх пераўзважыць сваім розумам, ці няма ў іх нейкага кепства ці хітрасьці.

  43. Адзін хоць зьеж вала - усё адна хвала. — Толькі гасьціннасьць і сяброўства дае чалавеку пашану й славу, скупасьць-жа й зайздрасьць паніжае.

  44. Ад капусты ногі клусты. — Паводля сялянскага разважаньня капуста самая пажыўная й сытная ежа, калі да яе дадаць хлеб і сала.

  45. Адклад ня йдзе ў лад. — Перасьцярога-рада не адкладаць работы ці справы на пазьней.

  46. Адкроіная ськібка ні прыліпня. — Прыказваюць, калі аддадзеная замуж дачка хоча вярнуцца да свайго бацькі. Як ськібка ня можа прырасьці да булкі хлеба, гэтак і замужняя дачка ня можа вярнуцца да бацькавай сям'і й стацца ізноў семянінам.

  47. Ад летка да летка чакай, маё дзетка. — Прыказваюць, калі тэрміновую справу суляць адкласьці на неазначаны час.

  48. Ад ліха ціха, алі й дабра німа. — Жартаўлівы адказ, калі пытаюцца аб жыцьці, аб навінах.

  49. Ад Міколы правая зіма й правая лета. — Сялянская заўвага аб тым, што запраўдная зіма пачынаецца ад зімовай Міколы, 6 сьнежня, а лета ад Міколы веснавой, 9 траўня.

  50. Адна біда да чалавека ні прыходзя, а па колькі разам. — Перакананьне, што адна бяда ў чалавека часта выклікае іншыя беды.

  51. Адна варона з куста, а сем на куст. — Калі адзін чалавек зьляціць з прыбытковай пасады, дык на ягонае месца зьяўляецца сем новых ахвотнікаў.

  52. Адна галава добра, а дзьве яшчэ лепі. — Радзяць выслухаць параду добрага чалавека.

  53. Адна галава на карку. — Гэтак прыказваюць-разважаюць чалавека, які наракае на сваю беднасьць, бо мае ўсяго нейкую адну рэч ці жывёліну.

  54. Адна кашуля на мне, а другая ў кубля на дне. — Гэтак прыказваюць аб небагатым, але дбайным чалавеку, які не дапускаецца да аднэй кашулі, але мае заўсёды другую ў запасе.

  55. Аднаму й у кашы няспорна. — Аднаму спору ў працы няма, як няма й у ядзе.

  56. Адна паршывая авечка ўсё стада паскудзя. — Прыказваюць, калі адзін благі чалавек зьнеслаўляе ўсю сям'ю ці грамаду.

  57. Ад напасьці ні прапасьці. — Прыказваецца калі на нявіннага чалавека ўзложаць напасьць, бо ня трэба тады ўдавацца ў роспач, але напасьць мужна пераносіць і ад яе бараніцца.

  58. Адно вока й тоя спаць хоча. — Аб нядбайным гаспадару, у якога ёсьць усяго адна нейкая рэч ці жывая істота, але й яе трэба дагледзіць. Прыкладам, ёсьць адно дзіця, якое трэба добра выхаваць і навучыць.

  59. Аднолькава, браця, гініш, дык аддай мне й канаплініц. — Калі бедны чалавек гіне, дык ягоны багацейшы сусед ня толькі яму не памагае ў бядзе, але хоча загарнуць і апошнюю маемасьць. Канаплінец - месца, дзе сеюць каноплі, звычайна найлепшая ў гаспадарцы зямля.

  60. Аднолькава разбрахаўся, дык аб кросны папытаўся. — Аб гаварлівым чалавеку, які перапрашае, што памыліўся ў гутарцы, ці сказаў непатрэбнае слова. Талковы мужчына не павінен гаварыць аб жаночых справах, кросны-ж - жаночая работа.

  61. Адно права праў. — Рабі адну работу. Прыказваюць, калі нехта за колькі работ зразу бярэцца. Прыклад: «Ты, хлопец, адно права праў - калі ясі, дык еш, а не - вылазь з-за стала ды чытай».

  62. Адну авечку стрыгуць, а сем трасецца. — Прыказваюць, калі на аднаго зь вёскі спадзе раптоўная бяда, якая можа зваліцца й на кажнага іншага. Прыкладам, адну сям'ю апісалі й вывозяць на высылку, а ўся вёска дрыжыць ад страху, бо ўжо заўтра гэта-ж можа здарыцца з кажным іншым.

  63. Адну дзірку ладзь, а другая там-жа глядзь. — Старой благой рэчы ня варта ладзіць, бо не аплаціцца.

  64. Адных бацькоў дзеці ды няроўныя. — Прыказваюць, калі родныя браты маюць розныя характары ці розныя пагляды.

  65. Аднэй маткі дзеткі ды ніаднолькавыя песьні пяюць. — Хоць і аднаго краю людзі, але маюць розныя перакананьні.

  66. Ад пекла адарваўся й да раю ні дастаўся. — Аб тым, хто з благога месца вырваўся, але й у добрае ня змог папасьці.

  67. Адпёк пірагі. — Прыказвае той, хто адпомсьціўся за сваю крыўду.

  68. Ад піва сцаць крыва. — Патрэбна часта з хаты выбягаць.

  69. Ад прыбытку галава ні баліць.
    1. Кажуць таму, хто мае прыбытак хоць і малы.
    2. Гіранічна жартуюць з таго, каму ў сям'ю прыбыў непажаданы чалавек.

  70. Ад работы і коні дохнуць. — Гэтак прыказвае гультай, калі яго прымушаюць да работы.

  71. Ад роднага таткі дорагі й латкі. — Ня толькі тая спадчына дарагая ад блізкога чалавека, якая мае матар'яльную каштоўнасьць, але яшчэ даражэйшаю можа быць тая, што хавае ў сабе дарагі ўспамін аб блізкой асобе.

  72. Адрыгнуцца ваўку авяччы сьлёзы. — Прыйдзе час, калі й дэспаты будуць пакараны за свае злачынствы.

  73. Ад сьмерці рук ні падложыш. — Гэтак разважаюць таго чалавека, у каго памерла блізкая асоба.

  74. Ад сьніткі ногі як ніткі. — Гэтак прыказвалі даўней, калі раньняй вясной варылі мяцьва з травы сьніткі, зь якога целу ня было пажытку.

  75. Ад таго мы пагалелі, што соладка пілі й елі. — Часта людзей да беднасьці прыводзіць п'янства й смачная ежа.

  76. Ад хатняга злодзія ні ўсьціражэшся. — Прыказваецца тады, калі нехта жыве з злодзеям.

  77. Ад цяплосьці ні баляць косьці. — Прыказваюць найчасьцей старыя, калі маладыя ім прытыкаюць, што духата ў хаце, або калі стары надта цёпла адзеўся.

  78. А ён будзя казаць. — «Чаму ты, Бронька, у калгас ня йдзеш? - запытаўся камсамолец. А Бронька будзе казаць: - Я лепі ў возеры ваду замучу (знача - утаплюся), як у калгас іці».

  79. А ён сваё права правя. — Прыказваюць, калі нехта ня слухае ні заўвагаў, ні перасьцярогаў, а робе тое самае, што й рабіў.

  80. Аж вочы на лоб лезуць. — Прыказваецца пры падыманьні нечага цяжкога.

  81. Аж вушы вянуць. — Прыказваюць, калі нехта пры грамадзе бяз сораму выказвае брыдотныя словы, а таксама калі чуецца дакучлівы плач.

  82. Аж зімля стогня. — Прыказваюць пры гарматняй страляніне ці грымотах.

  83. Аж з скуры вон лезе. — Калі нехта з усіх сіл намагаецца нечага дасягнуць.

  84. Ай, Гвалт! Жыды Мэндаля б'юць! — Гэтак усклікаюць, калі пачуюць нязвычайную сьмешную навіну.

  85. А йдзі ты ў катнія рукі. — Кажуць на таго, хто бязупынку пагражае, што пакіне, пойдзе адгэтуль.

  86. А касьнік вісіць? А дзяцюк глядзіць? — Гэтак жартуюць, калі дзяўчына доўга прыбіраецца перад люстэркам.

  87. Але! Паехаў на вале. — Гэтак жыхары нашай ваколіцы прыказваюць жыхаром суседняй Гаенскай ваколіцы, калі пачуюць, што тыя патакаюць словам «Але!», бо ў нашай ваколіцы патакаюць словам «Ага!».

  88. А маладыя пад касцёлам ні сідзяць? — Напамінаюць тым, хто пагарджае старымі запрашаць іх на працу ці нейкую нараду.

  89. А мая кабыла на ўсё забыла. — Кажа той, хто пакідае суполку, у якую ён ўнёс больш укладу, а з яго кпяць і высьмейваюць. Паходзе з казкі, дзе мужчыны зьнесьлі снасьць ехаць на кірмаш, а едучы дамоў сталі высьмейваць і кпіць з таго гаспадара чыя была кабыла. Ён зьлез з саней, выпраг кабылу, зьняў з яе збрую ды паехаў дамоў конна сказаўшы «А мая кабыла на ўсё забыла».

  90. А мой-жа ты ціляпень, ня бі мяне цяпер. Я жыла, ні была, і памру, ні пайду. — Гэтак прыказваюць, калі мала бывалы чалавек спалохаецца новага вынаходу - аўтамашыны, радыя ці чаго іншага. Паходзе гэта з казкі: Старая баба прышла першы раз да царквы ды стала пад званіцай. Калі звон над галавой зазваніў, яна спужалася звону й гэткімі словамі ў яго прасілася.

  91. А наш андрэй за ўсіх мудрэй. — Гэтак прыказваюць на пахвалу рызыканта.

  92. Ані рухнуў, ані вухнуў. — Прыказваюць таму, які за зробленую ласку не сказаў ні «дзякуй», ні благога слова, бо-ж навет і сьвіньня, калі адыходзіць задаволеная ад карыта, дык рухне, а калі незадоволеная, дык вухне.

  93. Ані той дух. — Прыказваецца аб чалавеку, які не даецца ўгаварыць.

  94. Ані тоя туды. — Прыказваецца аб чалавеку, які не даецца ўгаварыць.

  95. Ані цыбулькі, ані ўкрышыць у што. — Калі няма чаго есьці, дык не галоўная бяда, што няма цыбулькі, але што няма ў што яе ўкрышыць.

  96. А пайдзі ты круцьцю-неварацьцю! — Так лаюць і праганяюць круцялёў ашуканцаў.

  97. А Паўлачка, а бацячка, устань і паглядзі, што твой сын шэльма Мікалайчык робя. — Гэтак жартаўліва прыказваюць, калі бачаць відавочную несправядлівасьць. Гэты зварот гістарычны. Калі пры цары Мікалаю I у Барысаве забралі першага Жыда ў расейскае войска, дык ягоны бацька, галосячы, гаварыў гэтыя словы. Перад гэтым-жа Жыды ў Беларусі былі звольненыя ад ваеннай павіннасьці. Пры звадцы яны навет упікалі Беларусаў: «Чакай, чакай, пойдзіш пад чырвоную шапачку».

  98. Апёкся на малацэ, дык студзя й на вадзе. — Гэтак прыказваюць, калі чалавек меў нейкае балючае пашкоджаньне, дык посьля высьцерагаецца й там, дзе яго ніколі ня можа быць.

  99. Апошняга й у салдаты ні бяруць. — Прыказвае той, хто ня хоча нечага апошняга аддаваць. Да 1914 году ў Расейскай імпэрыі апошняга (адзінага) сына ў войска ня бралі.

  100. Апошняя ў папа жонка. — Прыказваюць таму, хто ня хоча нечага апошняга аддаць, бо ўсё можна набыць, толькі праваслаўны сьвятар другі раз ня можа жаніцца.

  101. Аржаная каша сама сябе хваля. — Прыказваюць таму, якога ніхто ня хвале, а толькі ён сам сябе.

  102. А там Бог бацька. — Прыказваюць тыя, што спадзяюцца на нейкае паляпшэньне.

  103. Атросься ды й панёсься. — Прыказваюць аб тым, які нарабіў крутні-няпрыемнасьці й сам нейдзе ўцёк.

  104. А ты, воўча, сядзі моўча. — Калі злачынец іншых абвінавачвае ў злачынстве.

  105. Аўгіня нявінна й Ігнат ні вінават. — Прыказваецца, калі ў сям'і нейкая бяда ці дрэнная прыгода, калі кажны правуецца, што ён тут ня вінны ды звальвае віну на іншага.

  106. Аўдзей усё між людзей. — Прыказваюць аб хітрым бяссумленным чалавеку, які ўмее прыстасавацца да кажнае кампаніі, каб пажывіцца.

  107. Аўлас ды ні ў нас. — Гэтак прыказвалі тыя бедныя людзі, у каго ня было скароміны, бо на Аўласа сытная ежа. Сьвята Аўласа ў чэсьць бога Веласа. Сьвята гэтае абходзілі ў вапопші чацьвер перад Масьляніцай.

  108. Аўлас па калені ў масьля. — Аўлас-Велас бог статку. Сьвята ў яго гонар адбывалася вясной, калі ўжо было сьвежае масла. Магчыма перад балваном Веласа клалі масла ў вахвяру й тое масла дасягала каленяў Веласа. Можна прыпускаць, што гэтая прыказка далёкай старасьветчыны.

  109. А ў сабакі хата была? — Гэткая заўвага ставіцца, калі нейкі прайдзісьвет выхваляецца аб сваім багацьці.

  110. Ахвота горш няволі. — Гэтак прыказваюць таму, хто без развагі, па сваей волі й ахвоце паклікаў на сябе нейкае няшчасьце.

  111. Ах ты, злодзі канавод, вадзіў коні праз гарод. — Жартаўлівая гульня словаў. Прыказваецца, калі спрытны апавядальнік усхваляе свае шальмоўскія прыгоды.

  112. Ах ты, злодзі паяёк, цябе білі, а я ўцёк. — У простым сэньсе справа гэтак выглядае: Два злодзеі пашлі красьці яйкі. Аднаго злавілі ды білі, а другі ўцёк. Той, што ўцёк, лаяў свайго паплечніка й абвінавачваў яго ў зладзействе. Гэтак прыказваюць, калі прапышны злачынец абвінавачвае злачынцу другога, з малымі праступкамі. Гэты злачынец абвінавачвае не за самое злачынства, а за тое, што той ня мог канцоў пахаваць.

  113. А што? Пацалаваў сабаку ў сраку? — Кажуць таму, хто рабіў вялікія захады, каб зрабіць вялікія непрыемнасьці свайму ворагу, але ня змог.

Показать полностью
Отличная работа, все прочитано!